MINSK CUP 2023
Адбыўся чарговы MINSK CUP. Турнір гэты асаблівы тым, што серыі плэй-оф складаюцца з пяці матчаў, лік у якіх сумуецца.
На жаль, як гэта бывае з надыходам цяпла і добрага надвор'я, не ўдаецца сабрацца поўным наборам гульцоў.
Вось і ў Лізе Б набралася толькі двое. Ілля Папроцкі і Фёдар Пятухоў удваіх гулялі зацяжную серыю да дзевяці перамог.
Барацьба была настолькі вострай, што прыйшлося згуляць усе 17 матчаў. Фёдар у першай палове сустрэч часцей засмучаў суперніка, але потым Ілля разгуляўся і пачаў наганяць упушчанае. Пераможца вызначыўся толькі ў апошнім матчы. Ілля з розніцай у адну шайбу ўзяў вырашальны паядынак.
Віншуем удзельнікаў!
Вышэйшая ліга. 11 гульцоў. 2 кругі. Барацьба за медалі неабыякая. Як і за месца ў плэй-оф.
Прызёры:
Аляксандр Авін, Віталь Куратнік і Віталь Собаль сышлі гуляць у Першую лігу. Без медалёў ніхто з удзельнікаў гэтай лігі сёння не застаўся. Віталь Куратнік ва ўласцівай толькі яму манеры абыграў канкурэнтаў за права надзець медаль вышэйшай вартасці. За ім Віталь Собаль, замкнуў тройку Аляксандр Авін.
Пары плэй-оф вышэйшай лігі.
Аляксандр Бартош - Вадзім Крыніцкі.
У кругавым турніры абодва матчы Аляксандр узяў сухімі з агульным лікам 10:0. Але, як вядома, плэй-оф часта адрозніваецца ад кругавога па сваім выніку. З першага матчу Вадзім выйшаў у лідары, здабыўшы ўжо сам сухую перавагу ў 2 шайбы. У наступных матчах ішла даволі роўная барацьба. Але да канца чацвёртага матчу Вадзім ужо вёў 3 шайбы. У пятым Аляксандр распачаў штурм варот суперніка і давёў лік да мінімальнага адставання, але Вадзім утрымаў пераможны лік. 11:12 па суме пяці матчаў і Вадзім праходзіць у паўфінал!
Другая пара Аляксандр Далгоў - Леанід Лысенка. Такая ж інтрыга і эмоцыі. Хвосткія кідкі Леаніда і добрая гульня ў абароне прымусілі Аляксандра пахвалявацца. Да зыходу серыі лік быў 11:9 на карысць Аляксандра.
Трэцяя пара Мацвей Шыркавец - Аляксей Краўчанка. Яны не маглі не сустрэцца. Хімія ў іх такая. Мацвей быў мацнейшы - 20:14.
Чацвёртая пара Уладзімір Сліж - Эдуард Куратнік. Эдуард перамагаў на MINSK CUP у 2021 і 2022 гадах. Калі ў яго нешта не атрымліваецца ў кругавым турніры, то ў плэй-оф звычайна ён больш удачлівы. Ну а яго супернік сёння меў сваю мэту і ішоў да яе больш упэўнена. Уладзімір, ужываючы свой набор прыёмаў, прымусіў капітуляваць ўладальніка тытулаў - 17:13.
Тыя, каму давялося саступіць у гэтай серыі, гулялі плэй-оф за 5-8 месцы.
Аляксандр Бартош даволі лёгка прайшоў Леаніда Лысенку - 18:10. Эдуард Куратнік "на тоненькага" абыграў Аляксея Краўчанку - 14:12. Леанід у сваю чаргу потым таксама з розніцай у 2 шайбы абыграў Аляксея, а Аляксандр Бартош Эдуарда Куратніка з лікам 18:12.
Паўфінал.
Вадзім Крыніцкі - Уладзімір Сліж.
Злавіўшы кураж ад прыгожа залятаючых у далёкую дзявятку "мілі" Вадзім актыўна ўжываў іх і далей. Але насупраць яго такі ж спец па гэтым прыёме. Абодва таксама любяць і"більярд". Карацей, найшла каса на камень. Велізарны эмацыйны напал, усе матчы з мінімальнай перавагай. У выніку Уладзімір бярэ пуцёўку ў фінал - 18:16.
У другім паўфінале Аляксандр Далгоў ужываў сваю тактыку супраць Мацвея Шыркаўца. Складана стрымліваць парыў Мацвея, а часам проста немагчыма. У фінал праходзіць Мацвей - 16:12.
А Аляксандр Далгоў у матчы за трэцяе месца хутка разбіраецца з Вадзімам Крыніцкім, які верагодна на эмоцыях засмучэння не змог сабрацца да гэтай серыі - 17:5.
Фінал быў багатым як галамі, так і эмоцыямі. Гульня была роўнай, але дзесьці Мацвей быў крыху хутчэй за Валодзю. Па выніку перавага апынулася на яго баку - 19:16.
Усё ж такі серыі такога фармату карэнным чынам адрозніваюцца ад стандартных. Тут адзін матч з шматлікай колькасцю прапушчаных галоў можа адразу паставіць крыж на далейшых патугах на шляху да перамогі. Трэба вельмі асцярожна гуляць і максімальна да апошняй секунды выкладвацца ў кожным матчы пры любой розніцы шайбаў! Фармат мае права на жыццё і больш частае ўжыванне!!
Гуляйце ў настольны хакей, сябры!
І падцягвайце сваіх дзетак, пакуль малыя, яны вельмі здольныя да навучання!
Аня, напрыклад, не толькі актыўна дапамагае і падтрымлівае тату, але і спрабуе гуляць. Мабыць хутка мы ўбачым яе ў лізе Б...
Да сустрэчы 27 мая на апошнім этапе Адкрытага Чэмпіянату Беларусі!