Праляцеў яшчэ адзін год гульні. Час падводзіць вынікі мінулага сезона 2025-2026 гг.
На этапах Вышэйшай лігі прыняло ўдзел 23 гульцы.
Андрэй Князюк, Віталь Собаль, Іван Авін, Андрэй Хапроў, Арцём і Валерый Кавальчукі толькі аднойчы наведалі турніры. Выдатныя гульцы, але, на жаль, цікавасць да гульні ўжо не тая...
Ігар Карпаў згуляў двойчы.

Чалавеку, які пачынае гуляць у хакей не ў юным узросце, прагрэс звычайна даецца складана. Але па гульні Ігара гэтага не скажаш - хуткасць рэакцыі і сіла ўдару вельмі нават навышыні. Неўзабаве ён будзе складаць канкурэнцыю хлопцам у Першай лізе. Дайце час, і ён сябе пакажа належным чынам!
Таксама двойчы гуляў Уладзімір Чарнабай.

Безумоўна, Вова - здольны хлопец. Яго сабранасць і ўпэўненасць часам дзівяць. У яго многае атрымліваецца, гуляй ён часцей - вельмі хутка стаў бы пастаянным фігурантам плэй-оф Вышэйшай лігі. Паездкі да суседзяў і ўдзел за мяжой выдатна яму ў гэтым дапамогуць. Ну а кантроль за сваімі эмоцыямі яшчэ прыйдзе.
Віталь Куратнік.

У гэтым сезоне Віталь наведаў турніры тройчы - столькі, сколькі дазволіў працоўны графік. У Першай лізе браў прызавыя месцы. Віталь працягвае ўдасканальваць свой хакей, які часам стварае праблемы супернікам.
Далей мы размесцім гульцоў па месцах з паказчыкам заробленых ачкоў. Гэта тыя, хто наведаў больш за палову мінулых этапаў.
14 месца - Іван Гілевіч (14 ачкоў).

Іван стаў часцей з'яўляцца на турнірах і з часам усё больш асвойвае новыя прыёмы. Рэакцыя выдатная, трохі мітусні, але на пачатковым этапе гэта нармальна. Засталося паднабраць тэхнікі і ў бліжэйшыя гады з яго атрымаецца сур'ёзны супернік! Гуляе ўсяго ж 2 гады. Калі б ён яшчэ заставаўся на гульні ў лігах, быў бы яшчэ большы прагрэс!
13 месца - Вадзім Пасылкін (420 ачкоў).

Пасля знаёмства з нахоком адыграў усяго толькі 2 сезона. Трэба сказаць, што на некалькіх турнірах нават абыгрываў значна больш дасведчаных гульцоў. Вадзім мае 2 неабходныя дадзеныя для прагрэсу і добрага выніку ў будучыні: рэакцыя і працуючая галава. З часам і больш частымі гульнямі гэты сімбіёз заўсёды дасць вынік!
12 месца - Ганна Сліж (617 ачкоў).

Наша юная дзяўчынка заслугоўвае асаблівай пахвалы. Мала таго, што яна адзіная прадстаўніца жаночага полу ў нашым спорту, дык яна яшчэ і не прапусціла ніводнага турніру. На пару з татам яна цярпліва прыходзіць і вучыцца гуляць. Хочацца пажадаць ёй цярпення і ўседлівасці.
11 месца - Аляксандр Шыркавец (1434 ачкі).

Сёлета Аляксандр здзіўляў крыху менш, чым у папярэднім сезоне, але як гулец ён цалкам можа стварыць сітуацыі, з якімі не ведаеш, што рабіць.
10 месца - Аляксандр Авін (1537 ачкоў).

Глейкі гулец, пры гэтым валодае пэўным наборам прыёмаў, якія ствараюць цяжкасці супернікам, прытым заўсёды нечакана. Умее здзіўляць нестандартным рашэннем.
9 месца - Вадзім Крыніцкі (1546 ачкоў).

У гэтым сезоне, асабліва ў яго канцоўцы, у Вадзіма стала атрымлівацца нашмат больш і лепш. Калі б атрымалася наведаць большую колькасць турніраў, мяркую, і вынікі былі б лепей!
8 месца - Аляксандр Далгоў (1591 ачко).

Двойчы мог перамагчы на этапах, але ў фінале гуляў супраць кіруючага складу... Лепшы абаронца і ўпэўнены нападаючы.
Гуляў бы з усімі і заўсёды на 100% - кошта б яму не было! Пастаянны прэтэндэнт на прызавыя месцы, але ў гэтым сезоне такіх мэтаў Саша перад сабой не ставіў.
7 месца - Андрэй Акінфін (1613 ачкоў).

Не сказаць, што ў Андрэя ў гэтым сезоне нейкі спад у гульні, але 5-е месца на этапах - лепшае дасягненне. А вось гэта ўжо на яго не падобна. Хоць у матчах ён заўсёды трымае суперніка ў напружанні да фінальнага гонга. За яго рэактыўнасцю часам не паспяваеш. Пры гэтым крышачку не хапае стабільнасці. Але ў цэлым вельмі складаны супернік для ўсіх.
6 месца - Міхаіл Чарнабай (1683 ачкі).

У гэтым сезоне (не пара мінуламу) Міша амаль не прапускаў. І вынікі пайшлі ўверх. Магчыма адбіваюцца і вылазкі на турніры да суседзяў. Ён паказаў выдатнае выступленне на 24-ым Чэмпіянаце Расіі ў Санкт-Пецярбургу ва ўсіх разрадах! Чаго вартая перамога ў чвэрцьфінале MINSK CUP над Эдуардам Куратнікам! Адназначна, гэта лепшы сезон у выкананні Мішы!!
5 месца - Аляксей Краўчанка (1763 ачкі).

Гэта лепшы сезон і для яго! Хоць ён ні разу не быў у тройцы прызёраў, але на двух АЧБ Лёша спыняўся за крок ад бронзы. Лепшы тэхнічны спецыяліст!
У яго арсенале куча цікавага і нязвыклага. Відаць, што Лёша адпрацоўвае прыёмы на хатніх трэніроўках. Перыядычна з'яўляюцца новыя элементы: пас, удар, апрацоўка. І пакуль ты да гэтага абвыкаеш, Лёша ўжо паспявае пару-тройку шайбаў закалаціць ў вароты. Гэта нахокер, які пастаянна ўдасканальваецца, б'ецца і не здаецца. Такой колькасцю серый, згуляных да сямі матчаў, больш у нас няма каму пахваліцца!
4 месца - Уладзімір Сліж (1859 ачкоў).

Таксама можна павіншаваць яго з пакуль што лепшым вынікам! У гэтым сезоне Валодзя даволі стабільна адыграў, тройчы заваёўваў бронзу. Двойчы саступаў гэтую самую бронзу супернікам. Яго запал і эмацыйнасць заўсёды дапамагаюць не толькі яму, але і ўсім астатнім! Лепшы выканаўца Мілікангаса і більярда. Ну і, вядома, вялікі дзякуй за далучэнне дачкі да нахоку!
3 месца - Эдуард Куратнік (2048 ачкоў).

У гэтым сезоне ён зноў трэці, але вось адрыў ад другога месца мінімальны! Няўдалы выступ на MINSK CUP і пропуск апошняга турніру згулялі з Эдуардам злы жарт. Хоць ён упэўнена вёў па ачках у гонцы за срэбра. Стабільная гульня - канёк Эдуарда. І калі яшчэ на кругавым этапе ён можа дазволіць сабе не напружвацца на 100%, то калі даходзіць справа да плэй-оф, часцяком пераможцам выходзіць ён. Асабліва калі яму супрацьстаіць Аляксандр Далгоў... Двойчы Эдуард перамагаў у фінале, аднойчы быў другім і чатыры разы трэцім.
2 месца - Аляксандр Бартош (2056 ачкоў).

Менавіта ён і абышоў Эдуарда ў гонцы за срэбра. Прытым толькі дзякуючы золату на 8-ым ОЧБ. Двойчы за сезон браў золата, чатыры разы срэбра і аднойчы бронзу.
1 месца - Мацвей Шыркавец (2140 ачкоў).

У гэтым сезоне Мацвей стаў безумоўным чэмпіёнам, прытым задоўга да яго заканчэння. 5 першых месцаў па ходу сезона кажуць самі за сябе. Яшчэ двойчы ён быў другім. Яго імгненная рэакцыя часцяком ўводзіць у ступар супернікаў, якія проста не паспяваюць сачыць за рукамі гэтага штукара!
Наша штогадовая намінацыя ў памяць пра Мікалая Крылова, якая называецца Нязломная сцяна, сёлета дастаецца лепшаму абаронцу, гульцу, які часцей за ўсіх утрымліваў свае вароты на замку - Аляксандру Далгову! У гэтым годзе ён гэта зрабіў з добрым адрывам ад сваіх сяброў!

Можна ўсіх нас павіншаваць з чарговай прыступкай у нашым развіцці!

Гульні таксама прыносяць буру эмоцый, рызыкі ад нечаканасці і чарговую порцыю задавальнення ад зробленага або расчаравання ад няўдач, якія прымушаюць нас рухацца далей!
У кожным сезоне ёсць што ўспомніць і што прааналізаваць. Хакей для кожнага з нас мае пэўнае значэнне, ён займае нейкую частку нашага жыцця, маленькую ці вялікую - гэта не самае галоўнае. А вось галоўнае - каб ён займаў важнае месца!
Да сустрэчы ў наступным сезоне, сябры!!!

