У першы дзень вясны беларускія аматары настольнага хакея ўзялі курс на падмаскоўны гарадок Віднае, дзе на працягу двух дзён праходзіў чарговы этап SCORPION GRAND PRIX. У суботу гулялі індывідуальны турнір, у нядзелю праходзіў каманднік.
Адзначым, што ад Беларусі такая шматлюдная дэлегацыя апошні раз да нашай суседкі наведвалася 10 гадоў таму, калі на Чэмпіянат Свету ў Пецярбургу, які праходзіў у 2015 годзе, прыехала яшчэ зусім зялёная наша зборная ў колькасці 10 чалавек!
Тыя малайцы:

1 Сакавіка ў індывідуальным турніры прымала ўдзел 66 гульцоў. 9 з іх - нашы!
Па рэйтынгу усё выглядала менавіта так:
Усіх удзельнікаў разбілі на 4 групы, дзе ўсе згулялі паміж сабой.
Рэгламент турніру быў наступным:
"Па выніках кваліфікацыйнага кругавога турніру гульцы, якія занялі:
- месцы з 1 па 7 у кожнай кваліфікацыйнай групе плюс гульцы, вызваленыя ад кваліфікацыі і якія атрымалі wild card, выходзяць у Вышэйшую лігу без захавання вынікаў кваліфікацыі, утвараючы 2 (дзве) групы вышэйшай лігі. Вышэйшая ліга" А " складаецца з удзельнікаў групы 1 і групы 4 кваліфікацыйнага раўнда. Вышэйшая ліга " Б " складаецца з удзельнікаў групы 2 і групы 3 кваліфікацыйнага раўнда.
- месцы з 8 па 11 у кожнай кваліфікацыйнай групе выходзяць у Першую лігу без захавання вынікаў кваліфікацыі.
- месцы з 12 па 16 у кожнай кваліфікацыйнай групе выходзяць у Другую лігу без захавання вынікаў кваліфікацыі".
У групе 1 нашых аказалася адразу чацвёра:
Аляксандр Шыркавец заняў 13 месца.
Міхаіл Чарнабай - 12-ае,
Уладзімір Сліж - 5-ае,
Эдуард Куратнік і зусім 2-ое - фенаменальны вынік!

У групе 2 змагаўся толькі Аляксей Краўчанка і заняў 11 месца.

У групе 3 у адзіночку змагаўся наш самы малады ўдзельнік - Уладзімір Чарнабай. Змагаўся вельмі нядрэнна - стаў 10-ым!

У групе 4 астатнія трое:
У Вадзіма Крыніцкага 12 месца,
У Мацвея Шыркаўца - 10-ае,
У Аляксандра Далгова - 5-ае.


Такім чынам, па тры нашых мушкецёры забяспечылі сваю прысутнасць ва ўсіх трох лігах.
Кругавы турнір у другой лізе расставіў усіх па месцах. А на п'едэстале апынуўся наш чалавек - Вадзім Крыніцкі. Міхаіл Чарнабай заняў 8 месца, Аляксандр Шыркавец - 11-ае.


Засталася справа за малым: дзеля канчатковай кропкі Вадзіму патрэбна абыграць у серыі да трох перамог свайго найбліжэйшага пераследніка - Алега Шарунова. На жаль, Вадзіму гэтага не ўдалося: вынік у серыі паміж імі - 0:3.

Тым не менш можна павіншаваць Вадзіма хоць і з невялічкім, але тытулам!

Менавіта да яго і падышла для інтэрвью карэспандэнтка МАТЧ ТВ:
У Першай лізе проста абавязаны быў браць верх наш Мацвей Шыркавец. Што ён і зрабіў: у кругавым турніры - ніводнага пройгрышу.

А ў фінале ім быў перайграны вялікі наш сябар з Іванава Раман Аганічаў з лікам 3:2.

Аляксей Краўчанка заняў 6-ае месца ў групе, Уладзімір Чарнабай - 16-ае. І гэта выдатны вынік для Валодзі!

У Вышэйшай лізе, якая складалася з 2-х груп А і Б па 16 чалавек у кожнай, жрэбій вызначыў усіх нашых гульцоў у адну групу. Пасля кругавога турніру Эдуард Куратнік апынуўся на 13-ай пазіцыі, Аляксандр Далгоў - на 11-ай, Уладзімір Сліж - на 10-ай.

Уся тройка трапіла ў малы плэй-оф, дзе супернікамі іх сталі гульцы з ніжняй паловы групы Б Вышэйшай лігі.
Уладзімір Сліж сустракаўся з Арцёмам Смірновым і перамог яго 3:0.
Эдуард Куратнік гуляў з Аленай Сталяровай. На жаль, ва ўпартай барацьбе саступіў ёй 2:3.
Аляксандр Далгоў адолеў непадатлівага Данілу Шарунова - 3:2.
Далей Уладзімір трапіў на Арцёма Шырскага і саступіў яму - 1:3.
Аляксандр Далгоў таксама саступіў Віталю Смірнову - 0:3.

У Вялікім плэй-оф лідар сезона Сямён Біцюкоў нястрымна ляцеў да свайго чарговага Кубка, раскідваючы ў бакі непажаданых супернікаў, ніводнаму з іх не аддаўшы больш за адзін матч у серыі.

Варта адзначыць удалы выступ Кірыла Старчака, ён дайшоў да фіналу. Бронзавым прызёрам турніру стаў Арцём Бліноў, перайграўшы Антона Рунянкова.

Па выніку турніру былі намінацыі.
Лепшы замежны гулец.
І гэтая намінацыя дасталася нашаму Уладзіміру Сліжу!

Менавіта ён па выніку апынуўся вышэй за ўсіх сваіх беларусаў (а іншых замежнікаў там і не было) у турнірнай табліцы.
Лепшым пачаткоўцам у турніры таксама апынуўся наш хлопец - Уладзімір Чарнабай!

Гэта першы выезд для Валодзі, і ён адразу заскочыў у Першую лігу, апярэдзіўшы не толькі трох сваіх больш вопытных таварышаў па цэху, але і многіх хлопцаў з Расіі, хто несумненна складаў яму добрую канкурэнцыю.
Малайчына, што тут скажаш!!
Выніковая табліца турніру выглядала наступным чынам:

Можна супаставіць з пачатковымі месцамі і ацаніць вынікі кожнага гульца.
Цяжкі гульнявы дзень падышоў да канца, індывідуальныя гульні скончыліся.
Заўтра ўсіх нашых хлопцаў чакае камандны турнір, дзе трэба быць у поўным узбраенні!


