АЧБ 8.
АПОШНІ СЕЗОНА 2021-2022 гг.
Апошні этап праводзілі ў новым утульным зале, сабралася 11 чалавек. Гулялі 2 кругі. Па выніку не абышлося без нечаканасцяў: Леанід Лысенка замкнуў табліцу, хоць гэта дакладна не яго месца (што ён пазней і дакажа сваёй гульнёй у першай лізе); сямейная пара бацькі і сына Куратнікаў, якія размясціліся на 5 і 6 месцах адпаведна (Віталь пры гэтым паказаў лепшую абарону, чым яго бацька); Віталь Собаль, які заняў 8-ае месца, якое дае права гульні ў плэй-оф, не пусціў у гэты пул шчасліўчыкаў Аляксея Краўчанку. Ачкоў у іх аднолькава, і адзін аднаго па разу перамаглі, але Віталю дапамагла розніца шайбаў у іх асабістых сустрэчах, па ёй ён і апынуўся вышэй. Ну а прызёрамі у кругавым чэмпіянаце сталі: Аляксандр Бартош, Мацвей Шыркавец і Аляксандр Далгоў.
У першую лігу адправіліся высвятляць адносіны трое: Аляксей Краўчанка, Аляксандр Шыркавец і Леанід Лысенка, дзе лепш за ўсіх сябе паказаў менавіта наш віцебскі сябра. Ён у выніку вельмі ўпэўнена разабраўся з супернікамі ў трохкругавым турніры, чым і заслужыў залаты медаль першай лігі. Другім стаў Аляксей Краўчанка, замкнуў тройку прызёраў Аляксандр Шыркавец.
У плэй - оф былі цікавыя матчы.
Калі Аляксандр Далгоў і Мацвей Шыркавец хутка прайшлі сваіх супернікаў з лікам 4:0 у серыях, то гульцы астатніх двух пар аказалі супраціў адзін аднаму.
У пары Аляксандр Бартош - Віталь Собаль пры ліку 2:2 у серыях у пятай партыі Аляксандр вырваў перамогу толькі ў авертайме. У шостай партыі з розніцай у адну шайбу, але ў Аляксандра ўсё ж атрымалася даціснуць. Віталь вельмі ўпэўнена гуляў і прымусіў панервавацца свайго суперніка.
У пары Уладзімір Сліж - Эдуард Куратнік таксама было велізарнае напружанне. Амаль у кожнай партыі ўсё вырашала адна шайба. Уладзімір прайшоў Эдуарда з лікам 4:2. Гэты турнір для Эдуарда будзе самым няўдалым: рэдкая з'ява, каб Эдуард апынуўся без прызоў па выніках чэмпіянату і кубка...
Прайграўшыя ў парах біліся на клюшках за 5-8 месцы. І гэта былі вельмі драматычныя матчы. На іх варта спыніцца падрабязней.
Эдуард Куратнік - Віталь Собаль.
Першыя дзве партыі выйграе Віталь, ад чаго на мой погляд здзівіўся больш за ўсё ён сам. Далей Эдуард дзве адыгрывае. Пятую бярэ зноў Віталь, шостая за Эдуардам. У вырашальнай партыі больш удалося сабрацца Эдуарду, ён і атрымаў у ёй перамогу.
Віталь Куратнік - Вадзім Крыніцкі. Не ўзгадаю такога развіцця падзей на нашых турнірах, каб тры запар партыі заканчваліся авертаймамі і перамогай аднаго гульца. Вадзіму адназначна шанцавала. Калі падыходзіла да канца чацвёртая партыя, апынулася, што і яна таксама нічыйная. Вадзім у прадчуванні покера радасна паціраў далоні, Віталь, як звычайна, быў спакойны. Вадзім усё ж не стварыў гэты цуд і прапусціў у сваю браму. Пятая партыя апынулася зноў за Віталём. Але ў шостай Вадзім усё ж даціснуў суперніка.
Пара Віталёў змагалася за 7-8 месцы. Ці была матывацыя ў Собаля ці не, але ён не паказаў такога ўпэўненага хакея, як з іншымі супернікамі да гэтага, і прайграў Куратніку 1:4.
Матч за 5-6 месцы паміж Эдуардам Куратнікам і Вадзімам Крыніцкім быў варты фіналу. Сёння Вадзім злавіў такі кураж, які яму вельмі добра дапамагаў у матчах. Прайграючы Эдуарду 1:3 Вадзім сабраўся і адквітаў дзве партыі. Гукавы сігнал выніковай сёмай партыі паведаміў аб тым, што ўсё ў гэтым напружаным супрацьстаянні вырашыць авертайм. Вадзім сёння ўжо выйграў іх шмат, і цяпер засталося ўзяць самы галоўны. Доўга, упарта, нервова, з воклічамі шкадавання ад непападання шайбы ў брамы ад абодвух гульцоў доўжыўся гэты бясконцы авертайм. Напэўна вопыт сыграў ролю, магчыма шанцаванне, а можа быць і клас, але перамог Эдуард. А як хацелася скончыць Вадзіму гэтую авертаймавую эпапею сённяшняга дня на мажорнай ноце... У наступны раз, у наступным сезоне, Вадзім, у цябе будзе магчымасць праявіць і свой напор, і сваё шанцаванне і ўвасобіць кураж ў гульні! А гэты стан, злоўлены сёння табой, у якім ты атрымаў шмат прыгожых перамог, сапраўды вельмі важлівы. Ён сапраўды дапамагае!!
Ну а тым часам пачаліся паўфіналы.
Аляксандр Бартош - Уладзімір Сліж. Валодзя вельмі ўпэўнена гуляў усе партыі, добра абараняўся і вельмі ўдала праводзіў атакі, чым прымусіў капітуляваць Аляксандра з лікам 2:4.
Мацвей Шыркавец трапіў на свайго крыўдзіцеля па мінулым турніры Аляксандра Далгова. Пасля нічыі 2:2 у пятай і шостай партыях Мацвей атрымаў дзве перамогі.
У матчы за трэцяе месца Аляксандр Бартош адолеў Аляксандра Далгова.
Фінал быў гарачым. "Гэта песьня добрая, пачынай з пачатку!"- сказаў Валодзя Мацвею пасля адыграных дзвюх партый. Мацвей прыняў гэта, як кіраўніцтва да дзеяння. У пятай партыі абыграў Валодзю ў авертайме, у шостай таксама на адну шайбу, але ў асноўны час. Шкада, Валодзя мог у гэтым сезоне ўпершыню быць на п'едэстале з кубкам за 1-ае месца...
Вось такі ён быў, апошні этап нашага АЧБ. Як заўсёды выдатна пагулялі і пагутарылі!
Ну а зусім хутка мы падвядзем вынікі сезона. Вызначым пераможцаў у нашых традыцыйных намінацыях і даведаемся, хто ж з нашых нахокераў стаў чэмпіёнам і прызёрамі сезона 2021-2022 па выніку ўсіх этапаў!
Сачыце за навінамі, сябры!!
І, вядома, гуляйце ў настольны хакей!!