10 сезон Лігі настольнага хакея адкрыты!
Пасля летняга перапынку мы зноў у страі! Засумавалі! Першы этап у наймацнейшай лізе А сабраў 14 чалавек. У Лізе Б сілай мераліся чацвёра. Хочацца адзначыць, што да нас завіталі госці з Расіі. Абраны напярэдадні выконваючым абавязкі кіраўніка расійскай федэрацыі настольнага хакея Уладзіслаў Момат прыехаў з жонкай Валянцінай (і падарункамі для нас), і абодва гулялі ў сваіх лігах. Карані, як аказалася, ва Уладзіслава беларускія, і бываў ён у нашай краіне не раз. Таму агульную мову знайшлі хутка)
Гулялі ў 2 круга. На працягу ўсіх матчаў было пастаяннае перамяшчэнне гульцоў па месцах у табліцы. Стабільнасці не было ні ў каго, да канца этапа хіба што Мацвей адарваўся ў лідэры ад другога месца, а ўсе астатнія ішлі вельмі шчыльна. Не пайшла гульня ў Віталя Собаля і Аляксандра Бартоша. Першы не трапіў у запаветную васьмёрку плэй-оф, а другі прайшоў туды толькі па розніцы шайбаў з бліжэйшым праследавацелем Вадзімам Крыніцкім. А вось у прапусціўшага сезон Андрэя Князюка ўсё атрымлівалася. Ён на 4-ым месцы ў табліцы, за ім таксама нядрэнна адыграўшы свае матчы быў Аляксей Краўчанка.
У выніку за лідзіруючым Мацвеем выстраіліся Эдуард Куратнік і Андрэй Акінфін, які, дарэчы, вельмі даўно не браў медалі ў кругавых этапах.
Госць з Расіі Уладзіслаў Момат не ўвайшоў у зону плэй-оф, але трэба сказаць, што для гульца, які ўсяго толькі год таму пазнаёміўся з гульнёй, у яго вельмі добры вынік. Ён ужо робіць выдатны выхад і цалкам сабе добры какос. З такой хуткасцю асваення прыёмаў праз пару гадоў Уладзіслаў дакладна будзе змагацца на роўных з наймацнейшымі гульцамі ў Расіі.
Ну а што ж там у Лізе Б?
Тут у нас Ілля Папроцкі (які ўжо аднойчы прымаў удзел у нашым турніры) і тры пачаткоўцы: Павел і Андрэй Піскуновы (тата з сынам, якія не так даўно набылі хакей і гуляюць дома) і адзіная дзяўчына - жонка Уладзіслава Валянціна, для якой гэты турнір вельмі нечакана для яе самой стаў першым у яе кар'еры. Згулялі паміж сабой па 5 кругоў. Усіх разнёс зусім малады, але вельмі таленавіты Андрэй. У яго атрымлівалася ўсё, прытым рабіў ён гэта вельмі лёгка і з добрым настроем. Такім і павінен быць чэмпіён! Тата на другім месцы, Ілля ўзяў бронзу. Валянціна вельмі любіць дзяцей, таму не змагла нікому адмовіць у іх жаданні быць лепшымі гульцамі. Сапраўдная жанчына!!
Вяртаемся да вышэйшай лігі. З тых, хто не прайшоў у зону плэй-оф складалася Першая ліга. Там абышліся без плэй-оф, проста згулялі 2 кругі. Пераможцам, як гэта звычайна бывае, калі ён туды трапляе, стаў Вадзім Крыніцкі. Другім стаў Аляксандр Авін, трэцім Уладзіслаў Момат. Не ведаю, ці былі за адыграны год медалі ва Уладзіслава, але ён вельмі ёй ўзрадаваўся! Дай Бог, каб не апошняя!!
У плэй-оф пары былі адна прыгажэй іншай.
Чэмпіён мінулага сезону Аляксандр Бартош трапіў на віцэ - чэмпіёна Мацвея Шыркаўца ("адразу фінал" - казалі некаторыя). З улікам таго, як сёння ішла гульня ў Аляксандра, ён сам і не спадзяваўся ўзяць перамогу. Пасля 3:1 на яго карысць, ён, відаць, падумаў, што пайшла гульня... Але не, сёння дакладна не яго дзень: Мацвей адыграў спачатку адну, потым у авертайме другую, а потым і трэцюю партыі, хоць лёгкімі яны не былі для абодвух.
Другая пара: Эдуард Куратнік - Уладзімір Сліж. Валодзя, які паставіў для сябе задачу скончыць турнір да 16.00, яе выканаў. Матч быў прайграны 2:4. Нельга, Валодзя, ставіць сабе такія задачы!)) І мне здаецца, што ён бы з радасцю затрымаўся, выйграй Эдуарда...
Такая ж ступень занятасці была і ў нашага заўсёдніка па гэтых справах Аляксандра Далгова. Ён да апошняга супраціўляўся Андрэю Акінфіну. І толькі ў вырашальнай 7-ай партыі Саша не сышоў ад паразы.
Чацвёртая пара Андрэй Князюк - Аляксей Краўчанка. Лёша даціснуў - 4:2.
Ладна панерваваўшыся ў папярэдняй серыі Мацвей трапіў на Аляксея. Лёша яшчэ ніколі не перамагаў Мацвея ў плэй-оф. Усё калі-небудзь заканчваецца. Мацвей узяў толькі першую партыю ў авертайме, далей лік запісваў толькі Лёша, упэўнена давёўшы яго да перамогі - 4:1.
Эдуард не без працы ўзяў сваю пуцёўку ў фінал, абышоўшы Андрэя - 4:2.
Трэцяе месца Мацвей узяў, абыграўшы Андрэя Акінфіна ў вельмі напружаным матчы, у якім усё вырашыла адна шайба ў апошняй партыі - 3:2.
Фінал быў цікавым. Для Эдуарда гэта звыкла, для Лёшы - гэта ўпершыню. Былі арэлі. Дзве партыі ўзяў Эдуард, потым дзве Лёша, потым зноў Эдуард. Мабыць, вышэйшая ступень п'едэстала для Лёшы адкрыецца крыху пазней, хоць у яго ўсё для гэтага ёсць ужо зараз!
Віншуем пераможцаў турніру!
PS: пацешна, але прызёры першага этапу гэтага сезону такія ж, як і ў мінулым годзе, толькі ўсе памяняліся месцамі...
Ну а 24 верасня будзе каманднік!
Рыхтуемся, нахокеры!)