25 лютага прайшоў апошні зімовы этап гэтага сезону. За акном сняжок і лёгкі марозік, а ў нас у зале было даволі горача.
У Лізе Б сабраліся 6 удзельнікаў. Усе бывалыя. Вельмі былі рады бачыць Юрыя Экснэра, ён калісьці прыходзіў да нас на турніры, але потым зрабіў вялікую паўзу, і вось ён зноў з намі! Нават змена ўжо падрастае)
Згулялі паміж сабой тры кругі. У лідарах апынуўся Валерый Кавальчук:
За ім размясціўся Дзмітрый Ягораў:
Трэцім стаў Аляксандр Камарэўцаў:
Замкнуў чацвёрку плэй-оф Арцём Кавальчук:
Прытым розніца паміж другім, трэцім і чацвёртым месцамі была ўсяго толькі ў адно ачко, што кажа аб вельмі блізкім узроўні ўсіх гульцоў. Пятым стаў Юрый Экснэр і шостым Ілля Папроцкі
У пары плэй-оф, як і на мінулым турніры, тата Валерый згуляў з сынам Арцёмам. І зноў тата не паддаўся, хоць і мог бы). Арцём абыграў бацьку толькі ў першай партыі, потым тата ўзяў тры запар. Дзмітрый Ягораў гуляў з Аляксандрам Камарэўцавым. Аляксандр абыграў Дзмітрыя ў першай партыі, але затым у трох запар нічога не змог супрацьпаставіць маладосці, рэзкасці і шпаркасці юнага нахокера.
А тым часам Ілля Папроцкі з Юрыем Экснэрам у сваёй серыі плэй-оф змагаліся за пятае месца. Гэта серыя была вартая фіналу Лігі Б!
Першую партыю Юрый узяў толькі ў авертайме, наступныя дзве і таксама ў авертайме, але ўжо бярэ Ілля. Чацвёрты матч апынуўся апошнім, і таксама з перавагай у адну шайбу выйграў Ілля. Ілля малайчына, праявіў лепшыя якасці сапраўднага спартсмена: напорыстасць і барацьбу да апошняй секунды матчу!
У барацьбе за трэцяе месца сышліся Арцём Кавальчук і Аляксандр Камарэўцаў. Арцём узяў усе тры партыі. У фінале другі Кавальчук-бацька таксама апынуўся мацней Дзмітрыя Ягорава ў трох партыях.
Хочацца адзначыць прагрэс Дзмітрыя Ягорава. Гэта яго другі турнір, на мінулым ён быў шостым, на гэтым ужо другім. А супернікі ў яго вельмі годныя. Трошкі не хапае сабранасці і ўвагі Іллі Папроцкаму. А над тэхнікай, вядома ж, трэба працаваць усім пачаткоўцам.
У гэтым вам усім дапамогуць відеэаурокі на YouTube, пры жаданні там можна знайсці шмат усяго цікавага! Разумеючы тэорыю хутчэй пойдзе прагрэс!)
Віншуем усіх удзельнікаў і прызёраў лігі Б і чакаем вас на нашым наступным этапе!
У вышэйшай лізе стартавалі 14 гульцоў.
Гулялі два кругі. Падводзячы прамежкавыя вынікі пасля першага, хочацца адзначыць гульню Лёшы Краўчанка.
Ён ішоў на трэцім месцы, паказваючы фенаменальную тэхніку і выніковасць. Такія ж фенаменальныя вынікі былі ва Уладзіміра Сліжа - 0 перамог.
Яны самі, мабыць, не разумелі, што адбываецца.
Другі круг, як гэта часта бывае, для многіх складваецца па-іншаму. Аляксей пачаў больш прайграваць, а Валодзя наадварот. Як заўсёды стабільна ішлі Мацвей Шыркавец
і Аляксандр Далгоў,
якія ўпэўнена трымалі першыя месцы ў табліцы. Барацьба за бронзу ў чэмпіянаце ішла сур'ёзная. Па-сапраўднаму прэтэндавалі 4 чалавекі.
Па выніку тройка прызёраў выглядала так:
Інтрыга была да апошніх тураў і сярод тых, хто жадаў трапіць у васьмёрку плэй-оф. Васьмі перамог у другім крузе, здабытых Уладзімірам Сліжом, не хапіла. Па асабістых сустрэчах ён саступіў восьмае месца ў плэй-оф Вадзіму Крыніцкаму.
Вельмі нядрэнна адыграў свае матчы Андрэй Князюк: ён на пятым месцы ў турнірнай табліцы.
Не ўсё сёння атрымлівалася ў Міхаіла Чарнабая
Аляксандра Шыркаўца
Віталя Собаля
і Віталя Куратніка.
Звыкла трапляе ў зону плэй-оф Аляксандр Авін, але і ён таксама на кругавым этапе не змог паказаць усе свае выдатныя гульнявыя якасці.
Але ўсе гэтыя гульцы спаўна рэалізавалі іх у Першай лізе. Там згулялі двухкругавы турнір, потым плэй-оф.
Прызёры першай лігі:
Пасля першага раўнда плэй-оф чацвёрка лідараў пацвердзіла свой клас, усе адолелі сваіх супернікаў, якія ў сваю чаргу пайшлі высвятляць адносіны паміж сабой за 5-8 месцы. Там усіх перайграў Вадзім Крыніцкі, для якога, дарэчы, 5 месца ў чэмпіянаце - цудоўны вынік, які яму ўдаваўся толькі аднойчы. Упершыню таксама ён адолеў у плэй-офф Андрэя Акiнфiна.
У паўфінале Мацвей Шыркавец гуляў з Эдуардам Куратнікам.
Эдуарду не ўдалося навязаць барацьбу Мацвею - 4:1 і Мацвей выходзіць у фінал. Яшчэ менш над выхадам у фінал папрацаваў Аляксандр Бартош.
Пасля першай прайгранай партыі Аляксандр Далгоў па сямейных абставінах вымушаны быў пакінуць турнір. Вельмі шкада, што гледачы пазбаўляюцца і паўфіналу і матчу за трэцяе месца, якое трапіла ў рукі яго калегі Эдуарда.
Зноў гэтыя двое ў фінале: Мацвей Шыркавец і Аляксандр Бартош. Такі фінал выглядае цалкам лагічным. Значна цяжэй адшукаць турніры, дзе б яны не перасякаліся ў сетцы.
Вось і гэтым разам была, як заўсёды, барацьба.
Аляксандр узяў тры запар, Мацвей дзве адыграў. Але Аляксандр давёў справу да лагічнага завяршэння - 4:2.
Кубкі ў руках пераможцаў:
Віншуем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў нашага турніру!
25 сакавіка чакаем усіх на нашым 7-ым этапе!
Гуляйце ў настольны хакей, сябры!