28 студзеня прайшоў пяты этап чэмпіянату Беларусі па настольным хакеі.
Было людна, асабліва ў Лізе Б.
З яе і пачнем аповяд.
9 удзельнікаў, шасцёра з якіх дзеці.
Традыцыі сямейнага ўдзелу ў настольным хакеі набіраюць абароты. Да нас сёння далучыліся Валерый і Арцём Кавальчукі. Яны ўжо прымалі ўдзел у турнірах, але на некалькі гадоў зрабілі паўзу ў сваіх выступах. Гулялі выключна дома.
Уладзіслаў і Максім Вількіны
Фёдар Пятухоў
Дзмітрый Ягораў
Платон Сухоцкі
ўпершыню наведалі Чэмпіянат.
Ілля Папроцкі і Аляксандр Камарэўцаў ў гэтым сезоне ўжо частыя госці.
Вырашылі пусціць пачаткоўцаў адразу ў працяглы бой, зрабілі для іх двайны кругавы этап.
Лідэрства захапіў гулец, які мае вопыт, - Валерый Кавальчук. Арцём, яго сын, трымаўся ў сярэдзіне. Здзівілі Уладзіслаў і Максім Вількіны. Калі яны пачалі гуляць, адразу стала зразумела, што дома трэніруюцца абодва, таму што вынік на твар. Максім нават нейкі час ішоў без паразаў. Тата следам за ім, таксама гуляючы даволі ўпэўнена. Аляксандр з Іллёй змагаліся за месца ў запаветнай чацвёрцы, якое давала права гуляць у плэй-оф. Фёдар, Дзмітрый і Платон гулялі ў свой пачаткоўскі хакей. Ён такі калісьці быў у нас усіх.
Па выніку выступлення турнірная табліца выглядала наступным чынам:
Першая чацвёрка сышла высвятляць адносіны ў плэй-оф, астатнія 5 чалавек згулялі яшчэ адзін кругавы этап паміж сабой. Там Ілля выйшаў першым, Дзмітрый, паказаўшы вельмі добрую гульню, стаў другім і абышоў у выніковай расстаноўцы Аляксандра Камарэўцава, Фёдар і Платон замкнулі турнірную табліцу.
Нешта мне здаецца, што тата Платона, які ўвесь час падтрымліваў сына, у наступны раз сам прыме удзел у турніры...
У плэй-оф пары былі вельмі прыгожыя. Бацькі гулялі са сваімі дзецьмі. Серыі былі да дзвюх перамог. Была барацьба. Ніхто не хацеў саступаць. Валерый адолеў Арцёма, а вось Максім абыграў тату Уладзіслава. Прайграўшыя змагаліся за бронзу, ва Уладзіслава гэта атрымалася лепш, і ён аказаўся ў прызёрах!
Хлопцы ўжо паспелі пасябраваць і, вядома ж, у фінале ўсе дзеці заўзелі за Максіма. Першую партыю ён саступіў Валерыю, у другой жа яго абыграў. У вырашальнай поспех і вопыт дапамаглі Валерыю, і ён здабыў свой залаты медаль!
Віншуем усіх удзельнікаў і прызёраў!
Хочацца адзначыць, што ўсе хлопцы праявілі па-сапраўднаму байцоўскія якасці. З часам гульня будзе атрымлівацца лепш ва ўсіх сэнсах! Галоўнае - трэніруйцеся і гуляйце з рознымі супернікамі! Так прагрэс пойдзе значна хутчэй!
13 гульцоў вышэйшай лігі правялі двухкругавы этап. Не пайшла гульня ў Аляксея Краўчанкі, ужо які раз Лёша не можа злавіць сваю гульню... Уладзімір Сліж з уласцівым яму запалам праводзіў усе матчы, але, на жаль, вынік непадобны на яго. Такая ж сітуацыя і ў Міхаіла Чарнабая - таксама праляцеў міма плэй-оф. А вось у Віталя Собаля і Аляксандра Авіна сёння было ўсё добра - яны ўвайшлі ў васьмёрку. Трэба аддаць належнае нашаму суперветэрану Андрэю Князюку: ён не толькі прыехаў здалёку, але і паказаў прыгожы хакей, заняўшы 4 месца па выніку кругавога этапу, накідаўшы ўсім пры гэтым сваіх фірмовых ў далёкі кут.
Прызёры і табліца:
Пяцёрка тых, хто не ўвайшоў у плэй-оф сышлі ў першую лігу гуляць трохкругавы турнір. І тут бы Міхаілу з Аляксеем рэабілітавацца, а не, не змаглі... Аляксандр Шыркавец i Вiталь Куратнiк перамагалi часцей!
Прызёры 1 Лігі:
Першы раўнд плэй-оф сюрпрызаў не прынёс: лідары прайшлі далей, хоць серыя Эдуарда Куратніка з Вадзімам Крыніцкім была напружанай.
У матчах за 5-8 месцы можна павіншаваць Віталя Собаля, які ўзяў сухую серыю спачатку ў Аляксандра Авіна, затым такую ж у Вадзіма Крыніцкага.
Паўфінал звёў Мацвея Шыркаўца з Аляксандрам Бартошам. Пасля трох запар перамог над Аляксандрам Мацвей зменшыў абароты і дазволіў двойчы адыграцца, але затым даціснуў Аляксандра - 4:2.
Другая пара: Эдуард Куратнік - Андрэй Акінфін. Эдуард даволі лёгка прайшоў у фінал з лікам 4:1.
Андрэй Акінфін у матчы за трэцяе месца з Аляксандрам Бартошам пачаў ліха: павядучы пасля двух матчаў 2:0. Аляксандр сабраўся і адыграў дзве. У вырашальнай гулялі авертайм. Удача была на баку Андрэя. Хвосткая заходная ў левую дзявятку прывяла Андрэя да доўгачаканага кубкавага месца!
Фінал павінен быў быць гарачым. Эдуард сёння знаходзіўся ў выдатнай форме, Мацвей, як заўсёды, хуткі і няўлоўны.
І ўсё ж Мацвею ўдалося стрымаць сённяшні пераможны парыў Эдуарда - 4:1. Шкада, залаты дубль (чэмпіянат + кубак) Эдуарду у кар'еры яшчэ не ўдаваўся ніразу. Усё наперадзе!!
Прызёраў з перамогай!
Усіх ўдзельнікаў з чарговым турнірам!
Да сустрэчы 25 лютага на тым жа самым месцы ў той жа самы час!
Гуляйце ў настольны хакей, сябры!