Тузін нахокераў удзельнічаў у 5 этапе, які праходзіў 24 лютага. Рэгламент вырашылі зрабіць незвычайным: усіх удзельнікаў разбілі на 2 групы па 6 чалавек, хлопцы згулялі серыі да дзвюх перамог. Чацвёрка лепшых адной групы аб'ядналіся з чацвёркай другой і згулялі ў агульнай групе з захаваннем вынікаў. Васьмёрка, зыходзячы з расстаноўкі кожнага, затым згуляла стандартны плэй-оф. Гульцы, якія занялі 5-6 месцы ў кожнай групе аб'ядналіся ў 1 лігу і згулялі паміж сабой 3-х кругавы этап, затым плэй-оф.
Зараз трохі падрабязнасцяў.
У групе 1 100 - % вынік паказаў Уладзімір Сліж - 10 ачкоў: 5 перамог, пры гэтым 4 з іх з лікам 2:0, і адна 2:1. Далей склалася вельмі цікавая сітуацыя: трое гульцоў узялі па 6 ачкоў, пры гэтым па асабістых матчах месца не вызначыць: Аляксандр Бартош абыграў Мацвея Шыркаўца, які абыграў Андрэя Акінфіна, а ён у сваю чаргу абыграў Аляксандра Бартоша. У такім выпадку падлік вёўся па розніцы шайбаў. Калі ў Аляксандра лепшы паказчык, то ў Мацвея і Андрэя ён аднолькавы. У гэтым выпадку расстаноўка па месцах ідзе зыходзячы з большай колькасці закінутых шайбаў. Тут усё вырашыла 1 шайба! У выніку 2 месца ў Бартоша, 3 - у Шыркаўца, чацвёртым стаў Акінфін. Пятае месца ў групе заняў Міхаіл Чарнабай, абыграўшы Аляксандра Авіна, у якога сёння гульня не задалася.
У групе 2 адпаведную свайму напарніку па камандзе гульню паказваў Вадзім Крыніцкі - такая ж максімальна выніковая гульня - 10 ачкоў. Нават паказчык забітых і прапушчаных шайбаў ідэнтычны з Валодзем - 39-24! Хімія - яна такая! У гэтай групе, якая па меркаваннях некаторых, была "прасцей і лягчэй, чым першая", другім стаў Эдуард Куратнік з 8-ю ачкамі, за ім ішоў Аляксандр Далгоў з 6-ю, замкнуў чацвёрку шчасліўчыкаў Віталь Куратнік, дзякуючы таму, што абыграў Аляксея Краўчанку і Аляксандра Шыркаўца. Лёша сёння быў сам не свой: розніца шайбаў: 22 - 37, што вельмі на яго не падобна. Аляксандр Шыркавец замкнуў 2 групу.
Пасля таго, як усе гульцы ў аб'яднанай групе згулялі яшчэ па чатыры матчы з тымі супернікамі, з кім яны да гэтага не гулялі, выніковая табліца выглядала наступным чынам:
1. Уладзімір Сліж.
2. Андрэй Акінфін.
3. Аляксандр Бартош.
Што характэрна, гэтыя хлопцы, якія занялі медальны п'едэстал, - усе з 1 групы. Уся тройка абыграла ўсіх супернікаў з групы 2.
4. Вадзім Крыніцкі.
5. Эдуард Куратнік.
6. Аляксандр Далгоў.
7. Мацвей Шыркавец.
8. Віталь Куратнік.
Можна адзначыць ўпэўненую гульню Андрэя Акинфіна, часцяком яму ў апошні час гэтага не хапала. Мацвей - наадварот, многім прайграваў, што вельмі на яго непадобна. Не ўдалося ўзяць першы ў сваёй скарбонцы медаль чэмпіянату Вадзіму Крыніцкаму, пройгрыш траім гульцам адсунуў яго на 4 месца ў групе.
Медалісты турніру (нажаль, Андрэй адсутнічаў на той момант, калі рабілі фотаздымак):
У 1 Лізе тым часам праходзіў свой турнір, там у трохкругавым турніры вызначаліся пары будучага плэй-оф:
Падсілкаваўшыся падчас абеду, гульцы Вышэйшай Лігі рынуліся ў плэй-оф з новымі сіламі.
Ва ўсіх серыях лік аднолькавы - 4:1. Можа здацца, што пераможцам было лёгка, але гэта не так. Калі ў пары Уладзімір Сліж - Віталь Куратнік авертаймаў не было, то ва ўсіх астатніх парах іх згулялі па 2 у кожнай.
У выніку Уладзімір Сліж, абыграўшы Віталя Куратніка, выйшаў на яго бацьку, які адолеў Вадзіма Крыніцкага.
Аляксандр Бартош, абыграўшы Аляксандра Далгова, трапіў на.... каго б вы думалі? Вядома, - Мацвея Шыркаўца! Мацвей, у сваю чаргу, абыграў Андрэя Акінфіна.
Тыя, хто прайграў у чвэрцьфінале, гулялі за 5-8 месцы. Андрэй Акінфін і Аляксандр Далгоў саступілі дарогу Віталю Куратніку і Вадзіму Крыніцкаму. Вадзім, прайграючы Віталю ў серыі 1-3, сабраў волю ў кулак і тройчы святкаваў перамогі над Віталём у бліжэйшых матчах.
Паралельна ішлі гульні ў плэй-оф 1 Лігі.
Аляксандр Авін саступіў 0:4 цёзцы Шыркаўцу, Міхаіл Чарнабай адолеў Аляксея Краўчанку 4:1.
У матчы за 3 месца Аляксей толькі ў вырашальным авертайме змог адолець Аляксандра Авіна. А Міхаіл узяў сваё золата 1 Лігі, абыграўшы Аляксандра Шыркаўца 4:1.
Паўфіналы Вышэйшай Лігі.
Уладзімір Сліж - Эдуард Куратнік.
Эдуард павёў 2:0 у серыі. У трэцім матчы Валодзя, перахапіўшы ініцыятыву, бярэ авертайм, затым абыгрывае Эдуарда ў наступных дзвух матчах. У шостым матчы зноў авертайм, Уладзіміру да перамогі засталося забіць 1 шайбу. Але забівае не ен, гульня пераходзіць у сёмы матч, дзе ўжо шанцаванне і ўдача была на баку Эдуарда. Вынік 3:4 і Эдуард у фінале.
Аляксандр Бартош - Мацвей Шыркавец.
Аляксандр павёў у серыі 2:1. Мацвей адыграўся і яшчэ ў двух матчах выходзіў пераможцам. Вынік - 2:4.
Матч за 3 месца.
Уладзімір Сліж - Аляксандр Бартош.
Валодзя вельмі сур'ёзна рыхтаваўся да гэтага матчу, атрымліваў навучанні ад свайго трэнера і заўзятара адначасова - дачкі Анюты, яна, як ніхто іншы, ведае, што трэба сказаць тату, каб ён перамог суперніка.
Вось і цяпер, навострываючы свае фірмовыя кідкі, Валодзя слухаў усё тое, што казала дачка. Мабыць, менавіта гэта і дапамагло.
Калі лік у серыі да 3-х перамог быў 2:2, а ў пятым матчы дайшла справа да авертайма, менавіта Анюта міла ўсміхаючыся, пажадала тату ўдачы. Поспех прыйшоў - пераможная шайба была за Валодзем!
Фінал быў сапраўдным.
Якім ён яшчэ можа быць, калі сустракаюцца лідэры!
Мацвей не першы раз выступае няўдала ў кругавым турніры, але затым усё наганяе ў плэй-оф. Так было і сёння. Зрынутыя двое моцных супернікаў, на чарзе быў апошні з магікан. Але сёння Эдуарду шанцуе ані не менш. У першым матчы Эдуард узяў быка за рогі - 7:3. У другім зноў абыграў Мацвея, але ўжо ў авертайме. Затым Мацвей узяў трэці матч. У чацвёртым зноў авертайм і зноў застаецца за Эдуардам. Усім вядома, што ў Мацвея моцная воля да перамогі, менавіта гэта ён прадэманстраваў у наступных двух матчах, накідаўшы Эдуарду 10 шайбаў, давёўшы серыю да нічыі. Вырашальны матч заканчваецца нічыёй, і зноў авертайм, трэці ў гэтай серыі. Поўная нечаканасці канцоўка! Авертайм - гэта латарэя. Сумесь шанцавання і ўдачы, на мой погляд, нярэдка пераважае над вытрымкай і тэхнікай гульца. Сёння перамогу святкаваў Эдуард!
Цалкам заслужана! Хай і з доляй шанцавання і ўдачы на ўсіх прыступках да п'едэсталу, а як без іх!
Пераможцы турніру:
За 4-6 месцы сёння таксама былі прызы: адрыўныя календары на роднай мове.
Віншуем усіх прызёраў турніру і чакаем усіх жадаючых 30 сакавіка на тым жа месцы ў тую ж гадзіну!
Гуляйце ў настольны хакей, сябры, і абавязкова прывучайце да гэтай выдатнай гульні сваіх дзетак!