28 верасня прайшоў другі этап Адкрытага Чэмпіянату Беларусі. Па традыцыі гульні ў камандніку залічыліся, як кругавы. Сюрпрызаў і нечаканасцяў пасля гэтага этапу было некалькі.
Самая вялікая - гэта вынік Аляксандра Шыркаўца - 3 месца! Столькі забіваць і так абараняцца ў Аляксандра яшчэ ніколі не атрымлівалася! Фенаменальны вынік: 11 перамог, 2 нічыі, і 4 паразы. Ад першага месца, якое заняў яго партнёр па камандзе і па сумяшчальніцтве сын і калега Мацвей, яго аддзяліла ўсяго толькі 3 ачкі. Другім стаў Аляксандр Бартош з такой жа колькасцю ачкоў, як у Мацвея, саступіўшы яму толькі за кошт асабістай сустрэчы.
Выдатны вынік паказаў Іван Авін - 6 месца. Шмат нечаканых і прыгожых перамог занёс ён у сваю скарбонку і скарбонку каманды!
Незразумела чаму, але вельмі слаба выступілі Аляксандр Далгоў і Эдуард Куратнік - 8 і 11 месцы адпаведна.
У зоне плэй-оф сустракаліся:
Аляксандр Бартош - Вадзім Крыніцкі.
Тут была барацьба, але далей прайшоў Аляксандр.
У пары Уладзімір Сліж і Андрэй Акінфін прысутнічала інтрыга, годная фіналу. Што ні рабіў Валодзя, як ні выяўляў свае лепшыя якасці, Андрэй аказаўся мацней.
Аляксандр Далгоў падаў шлях Мацвею ў паўфінал. І ў Івана Авіна, на жаль, таксама не атрымалася згуляць з Аляксандрам Шыркаўцом.
Прайграўшыя ў парах склалі кампанію хлопцам Першай лігі. Там згулялі кругавы турнір і вызначылі прызёраў.
Імі сталі:
1. Эдуард Куратнік.
2. Вадзім Крыніцкі.
3. Аляксей Краўчанка.
У паўфінальных гульнях сышліся Аляксандр Бартош і Аляксандр Шыркавец. Перамогу святкаваў першы.
Мацвей Шыркавец таксама абыграў Андрэя Акінфіна.
У матчы за трэцяе месца Андрэй Акінфін абыграў Аляксандра Шыркаўца - 3:0.
Фінал быў шматабяцальным. З улікам таго, што гэтыя хлопцы ўжо сышліся ў вочным паядынку ў камандным турніры, зараз усіх чакала цэлая серыя, якая вызначыць пераможцу сённяшняга этапу. Мацвей пачаў больш упэўнена і давёў серыю да ліку 3:1. Затым Аляксандр здзейсніў камбэк, абыграўшы Мацвея ва ўсіх наступных матчах.
Сёння ўсе нагуляліся ў хакей, была нават стомленасць на тварах некаторых гульцоў, але тым не менш усе атрымалі задавальненне ад гэтай выдатнай гульні!
Усіх прызёраў з перамогай!
А тым, каму не ўдалося ўзяць медалі, хочацца пажадаць поспехаў! Наперадзе шмат этапаў, дзе можна праявіць свае лепшыя якасці. А гэтых якасцяў у кожным з нашых хлопцаў велізарная колькасць!!