На чарговым турніры, які прайшоў 25 студзеня, паўдзельнічала 15 гульцоў. Трэба сказаць - было горача! Радуюць сваім наведваннем нашы пачаткоўцы: Іван Гілевіч і Вадзім Пасылкін.

Трымалі ўдар і цярпліва праходзілі пройгрышы. Прыемна, што ў іх з кожным этапам атрымліваецца ўсё больш і ўсё хутчэй!
Аня Сліж таксама радасна і бадзёра прайшла кругавы этап.

Уладзімір Чарнабай пасля паўзы зноў падцягваецца і пачынае набіраць абароты. Тата таму добры сведка і спарынг-партнёр.


Лідэрства пасля 1 круга захапіў Уладзімір Сліж.

Дзякуючы фенаменальнаму другому кругу, пройдзенаму без адзінага паражэння, ён жа і застаўся на першым радку турнірнай табліцы. Зноў добрыя кандыцыі дэманструе Андрэй Акінфін, ён на другім месцы, саступіўшы лідару 2 ачкі.

Трэцім стаў Аляксандр Бартош, які набраў такую ж колькасць ачкоў, як і Андрэй, нават у асабістых матчах паміж імі апынуліся аднолькавыя паказчыкі. Расстаноўку вызначыў паказчык па агульнай розніцы шайбаў.
А далей самае цікавае: амаль роўныя паказчыкі гульцоў з 4 па 8 месцы, іх падзяляла ўсяго толькі 1 ачко. У Аляксандра Далгова і Аляксея Краўчанкі па 35 ачкоў, асабістыя сустрэчы нічыйныя, і нават агульная розніца шайбаў аднолькавая. Месцы вызначыліся толькі па большай колькасці забітых шайбаў.

Вадзім Крыніцкі абышоў Эдуарда Куратніка па асабістых сустрачах.

Астатнія 7 гульцоў трапілі ў 1 лігу. Там яны згулялі кругавы этап, а затым плэй-оф, які і выявіў пераможцаў.



У фінале Аляксандр Авін адыграў "матч-болл" у авертайме ў Віталя Куратніка, а затым у вырашальнай партыі і таксама ў авертайме ўзяў пераможную шайбу, забіўшы вельмі элегантную і прыгожую шайбу пры такой камбінацыі, якую ніхто з нашых гульцоў не практыкаваў. Трэба браць на ўзбраенне!

Пары плэй-оф:
Уладзімір Сліж - Міхаіл Чарнабай. Тут Валодзя быў такім жа нястрымным - 4:0.
Андрэй Акінфін - Эдуард Куратнік. Пасля першага паражэння ад Андрэя Эдуард бярэ ўсе наступныя 4 матчы - 1:4.

Аляксандр Бартош нечакана лёгка ўзяў верх над Вадзімам Крыніцкім - 4:0.
У пары Аляксандр Далгоў - Аляксей Краўчанка інтрыга захоўвалася да апошняга імгнення гульні.

Лёша ў апошніх турнірах даводзіць свае серыі да 7 матчаў. Сёння было таксама нервова і цікава. Аляксандр, ведучы ў серыі 3:1 у авертайме 5-га матчу прапускае. Затым Лёша ўпэўнена бярэ 6-ы матч. 7-ы пераходзіць у авертайм. І гэты авертайм па сваёй працягласці пабіў усе рэкорды: ён доўжыўся амаль 8 хвілін!! Саша забіў і прайшоў далей. Але аказалася, што перамога гэтая Сашы зусім не была патрэбная. Ён сказаў: "У мяне справы, я пайшоў..."На здзіўленыя погляды і аднолькавае пытанне ад усіх хорам: "Навошта было перамагаць, калі ты ведаў, што саскочаш і пакідаць турнір без паўфіналу і матчу за 3-е месца?", Саша адказаў, што "выконваў спартыўны прынцып і гуляў на перамогу". Ніхто, праўда, не зразумеў, дзе ў гэтым учынку спартыўны прынцып, а самае галоўнае, дзе асабістая матывацыя Сашы?... Калі няма мэты быць у прызёрах, няўжо выніковае 4 месца можа быць такім моцным матыватарам, каб так заканчваць гульнявы дзень...
За 5-8 месцы таксама не атрымалася поўнавартаснай гульні. Андрэй Акінфін адолеў стомленага ад доўгай серыі Лёшу 3:0.

Паўфінал ва Уладзіміра Сліжа з Аляксандрам Далговым, як вы зразумелі, не быў згуляны.
У другім паўфінале Эдуард Куратнік абыграў Аляксандра Бартоша 4:2, які аўтаматычна пры гэтым заняў 3-е месца.

Фінальная сустрэча паміж Уладзімірам Сліжом і Эдуардам Куратнікам праходзіла напружана.

Першыя тры матчы заканчваліся авертаймамі, дзе двойчы атрымліваў верх Валодзя. Варта адзначыць, што шанцаванне Валодзі сёння не згасала і прысутнічала з ім увесь турнір. У наступных дзвух матчах ён канчаткова расставіў усе кропкі над i - 4:1.

Можна павіншаваць Уладзіміра Сліжа з першым месцам! Апошні раз ён гэта рабіў у далёкім 2019 годзе.

У заканчэнні хочацца пажадаць усім аматарам гульні аднаго - гуляць да канца!
Ва ўсіх сэнсах гэтага слова і з улікам любых прынцыпаў, спартыўных або чалавечых!! А лепш з улікам абодвух!!!
Да сустрэчы 22 лютага на 7 этапе гэтага сезону!!

