22 лютага, у гэтую цудоўную марозную раніцу нарэшце распачатай доўгачаканай зімы прайшоў 7 этап. Адзначыўся ён тым, што акрамя Вышэйшай лігі, сабраўся мінімальны кворум для ўдзелу ў лізе Б, лігі для тых, хто толькі пачынае свае крокі ў хакеі. З яе мы і пачнем аповяд.
Станіслаў Белых і Аня Сліж ужо бывалі на нашых турнірах.


А вось Міша Князюк і Іван Шачок прыйшлі да нас упершыню.


Як гэта часта бывае, менавіта цёмныя коні часам здзіўляюць больш за ўсіх. Так сёння і было. Пасля трох кругоў лідэрскія пазіцыі апынуліся за Іванам. Другім у групе размясціўся Станіслаў, трэцяй была Аня, Міша замкнуў чацвёрку.

Далей яны згулялі плэй-оф.
Іван абыграў Мішу ў серыі да трох перамог - 3:0. Трэба адзначыць, што Міша, не гледзячы на тое, што да хакея падыходзіў фактычна ўпершыню ў жыцці, спачатку блытаўся ў жэрдках, але трохі пагуляўшы, прымудрыўся не толькі сачыць за абаронай (наколькі гэта магчыма для першага турніру), але і забіваў сваім супернікам.
Станіслаў абыграў Аню з такім жа лікам.
У матчы за 3 месца Аня абыграла Мішу - 3:0, ва ўсіх трох матчах утрымаўшы свае вароты на замку.

Фінал паміж Іванам і Станіславам праходзіў пад ўзаемныя ўколы адзін аднаго.

Кожны ўзяў па матчы, затым перамагаў толькі Іван. Выніковы лік быў 3:1. Вось такія яны, цёмныя коні!


Іван мае ўсе шанцы дамагчыся ў настольным хакеі добрых вынікаў, у яго ўсё для гэтага ёсць - і рэакцыя, і разуменне гульні!
А Мішу, дарэчы, тата мог бы і дома трэніраваць! Тым больш, ён сам калісьці прымаў удзел у нашых турнірах і трохі падкаваны ў тэорыі і практыцы.
А будзе яшчэ лепш, калі яны абодва да нас будуць хадзіць і набірацца вопыту!

Вышэйшая ліга сёння сабрала 12 чалавек. Асабліва радасна было бачыць Віталя Собаля, які даўно не з'яўляўся на нашых турнірах.
2 кругавых этапу расставілі ўсіх па сваіх месцах.
Ну а ў плэй-оф Вышэйшай лігі трапіў як раз-такі Віталь Собаль, яму ўдалося адабраць ачкі ў многіх гульцоў, якія апынуліся вышэй за яго ў табліцы.
Аляксандр Бартош быў першым, другі - Уладзімір Сліж, трэці - Мацвей Шыркавец.

Уладзімір Чарнабай актыўна змагаўся з усімі супернікамі, яго тата Міхаіл таксама ўпіраўся ў кожным матчы. Ім дваім а таксама Аляксандру Авіну і Аляксандру Шыркаўцу па выніках кругавога этапу трэба было змагацца за медалі ў Першай лізе.
А там правялі тры кругі. Да Першай лігі яшчэ далучыўся Станіслаў Белых.
Па выніку лідарам тут апынуўся Аляксандр Шыркавец, за ім - Уладзімір Чарнабай, які апярэдзіў свайго тату ў турнірнай табліцы выключна па асабістых сустрэчах.


Пары плэй-оф сфармавалі 4 дуэты:
Аляксандр Бартош - Віталь Собаль.

Тут Аляксандр прайшоў далей з лікам 4:0.
Уладзімір Сліж - Аляксей Краўчанка.

Апошнія турніры Лёша праводзіць свае серыі "на ўра". Сёння не стала выключэннем, і ён даволі хутка "адстраляўся" - 1:4.
Мацвей Шыркавец - Эдуард Куратнік.

Сустрэча моцных на стадыі 1/8 фіналу заўсёды цікавая, абодва разумеюць, што той, хто прайграе на гэтым адрэзку, пазбавіцца медалёў. Барацьба была неабыякая. Мяркуйце самі: у першых чатырох згуляных матчах было 3 авертаймы. І ўдача ў іх была толькі на баку аднаго - Эдуарда. А выніковы лік - 1:4. Эдуард ідзе далей.
Аляксандр Далгоў - Андрэй Акінфін.

Саша саступіў першы матч у авертайме, астатнія пакінуў сабе ў залік - 4:1.
Плей-оф за 5 - 8 месцы.
Уладзімір Сліж - Віталь Собаль.

Віталь навёў шоргату, давёўшы серыю да 2:2. Мог бы і даціснуць пераможцу мінулага этапу, але на тое ён і пераможца, сабраўся і давёў выніковы матч да хай і мінімальнай, але перамогі - 3:2.
У другой пары Мацвей Шыркавец гуляў з Андрэем Акінфіным.

Адзначым велікадушнасць Мацвея, які ведаў, што сыдзе, і па завяршэнні трох гульняў, прапусціў Андрэя далей, заадно і дапамог Віталю заняць выніковае 7 месца.

Выніковая гульня паміж Уладзімірам Сліжом і Андрэем Акінфиным была прыгожая, напружаная і зусім непрадказальная. Спачатку Уладзімір абыграў Андрэя ў двух матчах з аднолькавым лікам - 3:2. Затым Андрэй адыграў 2 матчы і таксама з аднолькавым лікам 1:4. У вырашальнай партыі ўдача была на баку Валодзі.
А ў першым паўфінале Вышэйшай лігі сустракаліся Аляксандр Бартош і Аляксандр Далгоў. Першы перамог - 4:1.

У другім гулялі Аляксей Краўчанка і Эдуард Куратнік.

У першых двух матчах гульцы абмяняліся ўзаемнымі перамогамі ў авертаймах. Потым яшчэ па разу абыгралі адзін аднаго. Затым Эдуард узяў два матчы запар і прайшоў у фінал.
У апошнім фінальным матчы Аляксандр Бартош гуляў супраць Эдуарда Куратніка.
Напружанне, акуратнасць, чаканне... Іх матчы заўсёды цікава глядзець, ну а гуляць ім адзін супраць аднаго падабаецца ўжо вельмі даўно.
У гэты раз Аляксандр быў мацнейшы - 4:2.

Віншуем усіх удзельнікаў і прызёраў!

А 29 сакавіка чакаем усіх на нашым чарговым этапе - MINSK CUP! Рэгламент будзе цікавым!!

