ЛНХБ 9 ГАДОЎ!
26 лістапада прайшоў чарговы турнір. Традыцыйна лістападаўскі лічыцца нашым святочным турнірам, таму што 30 лістапада 2013 года быў дадзены старт існаванню Лігі Настольнага Хакея Беларусі!
th.sportscorpion.com і наш сайт памятаюць усе турніры значна лепш за нас саміх. Калі на першым рэсурсе можна падняць любую статыстыку, то nahok.by дапаможа пагрузіцца ў тыя незабыўныя эмоцыі і пачуцці, якія ўсе мы адчувалі на працягу гэтых доўгіх (а праляцелі, як імгненне) 9 гадоў. Праведзена вялікая колькасць турніраў, у якіх прынялі ўдзел шмат разнастайных людзей: дзеці, падлеткі, чароўныя і абаяльныя дзяўчаты і жанчыны (а іншыя не гуляюць у нахок), "дарослыя" дзеці і нават ветэраны гэтага выдатнага віду спорту! Час памятае вас усіх!!
Дзякуй, што вы былі з намі ўсе гэтыя гады і асаблівая падзяка тым, хто на працягу доўгага часу захоўвае гэтую прыхільнасць і любоў да нахоку! Гэта наша агульнае свята!!
Пачнем аповяд з нашых пачаткоўцаў, якія гулялі ў Лізе Б. Іх было чацвёра: Ілля Папроцкі (ужо двойчы прымаў удзел у нашых турнірах):
Аляксандр Камарэўцаў:
Георгій Чаранько са сваёй мамай Святланай Верабей.
Апошняя тройка ўдзельнічала ў турніры ўпершыню.
Гулялі 6 кругоў. Па выніку месцы размеркаваліся наступным чынам:
Было відаць, што атрыманы вопыт дазваляў Іллі больш вынікова заканчваць матчы, чым іншым удзельнікам. Аляксандр у сваю чаргу наогул упершыню гуляў на Stiga, у яго быў вопыт гульні на іншай мадэлі настольнага хакея. Георгій з мамай таксама зусім нядаўна асвойваюць гульню, але добра тое, што ў абодвух ёсць жывая цікавасць да яе, а гэта самае галоўнае ў нашай справе!
Плэй-оф быў згуляны да трох перамог. Лідары ў кругавым этапе пацвердзілі свой клас і без працы прайшлі сваіх супернікаў у паўфінале. Хоць другая партыя паміж Аляксандрам І Георгіем запомнілася вельмі доўгім авертаймам, на які сабраліся паглядзець многія:
У матчы за трэцяе месца Георгій узяў верх над мамай. Святлане прыйшлося капітуляваць (а куды дзенешся) у трох партыях.
Фінал быў вельмі напружаным. Хлопцам давялося нават перагульваць адзін матч, таму што паўстала спрэчка па правільнасці забітага голу. У выніку Ілля павёз дадому доўгачаканы залаты медаль! У мінулых турнірах ён спыняўся ў кроку ад запаветнага першага месца. Аляксандр вельмі нядрэнна спраўляўся з жэрдкамі. Адчуваецца, што рукі ведаюць, што робяць, і хутка ўсё схопліваюць. Цяпер засталася справа за малым: замацоўваць навык, пастаянна асвойваючы новыя прыёмы!).
Спадзяемся, што Георгій са Святланай таксама пачнуць наведваць нашы турніры, таму што абодва атрымалі мора пазітыўных эмоцый!
Усіх прызёраў Лігі Б з перамогай!
Вялікі дзякуй маці Іллі за смачныя прызы дзеткам!
Вышэйшая ліга сабрала сёння 13 чалавек.
Кругавы этап зрабілі падвойным, каб усе нагуляліся).
Выніковая табліца ў чарговы раз здзівіла пазіцыямі некаторых гульцоў.
Тыднем раней Эдуард і Віталь Куратнікі наведвалі піцерскі турнір. І калі на гульні Эдуарда на кругавым этапе атрыманы нядаўна вопыт ніяк станоўча не адбіўся (хутчэй наадварот), то Віталю спадарожны паўночны вецер так моцна дзьмуў у спіну, што ён заскочыў у зону плэй-оф, абышоўшы такіх хлопцаў, як Аляксей Краўчанка, Вадзім Крыніцкі, Аляксандр Авін і Віталь Собаль. Міхаілу Чарнабаю, які ўпершыню наведаў турнір у гэтым сезоне, не хапала сабранасці і ўпартасці, якія яму заўсёды былі ўласцівыя ў паядынках з супернікамі. І вядома, нельга не адзначыць Аляксандра Далгова, які ўпэўнена ўзяў срэбра кругавога этапу. Андрэй Акінфін стаў бронзавым прызёрам, таксама вельмі добры для яго вынік.
Васьмёрка пайшла ў плэй-оф, астатнія - ў Першую лігу, дзе згулялі паміж сабой кругавы этап:
Потым плэй-оф. Вадзім Крыніцкі, як заўсёды, калі трапляе ў Першую лігу, бярэ там золата. Шлях ён прайшоў найскладанейшы: спачатку ў паўфінале пераадолеў Аляксандра Авіна, абыграўшы яго ў вырашальнай партыі ў авертайме, затым няўступлівага Віталя Собаля, дзе таксама не абышлося без пераможнага авертайма.
Прызёры-прыгажуны:
Пары плэй-оф вышэйшай лігі:
Мацвей Шыркавец - Аляксей Краўчанка.
Лёшы не ўдалося навязаць барацьбу Мацвею, які вельмі хацеў рэабілітавацца за паражэнне ў мінулым турніры. 4:1.
Аляксандр Бартош - Уладзімір Сліж.
Пры ліку 2:2 па партыях у пятым матчы Аляксандр саступаючы 0:3 за паўтары хвіліны даганяе, пераводзіць гульню ў авертайм і там забівае пераможную. Мабыць, гэта перашкодзіла сабрацца Уладзіміру, і шостую партыю таксама выйграў Аляксандр. 4:2.
Аляксандр Далгоў - Віталь Куратнік.
Яшчэ нікога так хутка міжнародны вопыт не ўздымаў у сваім майстэрстве, як Віталя. Што ён толькі не забіваў Аляксандру: ляцелі заходныя, какосы, бананы, абаронцамі, мілі, ад борта, было нават пару выхадаў канёк-клюшка (клюшка-клюшка, мяркую, будзе дасканала прапрацавана пры наступным наведванні горада на Няве). На Сашу было балюча глядзець: на ім не было твару, што ён толькі ні рабіў: піў каву ў перапынках паміж матчамі, расціраў віскі, пляскаў сябе па плячах, твары і нагах, адціскаўся ад падлогі, прысядаў, бегаў на месцы, але так і не мог зразумець, што сёння - дзень Віталя Куратніка!! 0:4!!! Саша ніводнага разу не змог прайсці маналітную абарону Віталя. Цуд!
Андрэй Акінфін - Эдуард Куратнік.
Амаль усе матчы з перавагай у адну шайбу ўзяў Эдуард. 0:4.
Прайграўшыя ў парах гулялі за 5-8 месцы.
Двое з іх з прычыны згубленай матывацыі не засталіся (асабліва можна тут зразумець Аляксандра Далгова), а вось Андрэй Акінфін з Аляксеем Краўчанкам зарубіліся не на жарт. Андрэй, прайграючы 1:3 па партыях, змог сабрацца і ўзяць тры запар, чым забяспечыў сабе 5 месца па выніку турніру!
У паўфінале вышэйшай лігі сустракаліся:
Мацвей Шыркавец - Аляксандр Бартош. Тут, на здзіўленне, Мацвею не ўдалося паказаць той хакей, які ён звычайна прапаведуе. 1:4 і Аляксандр праходзіць далей.
Менавіта сёння, у наш святочны турнір, сышліся зоркі, і ўпершыню ў гісторыі Віталь Куратнік дайшоўшы да паўфіналу вышэйшай лігі, трапіў на бацьку. Паўфінал Куратнікаў! Ці ўбачым мы яго калі-небудзь яшчэ? Будзем спадзявацца, улічваючы прагрэс Віталя!
Віталь, і так сёння скокнуўшы вышэй галавы, не стаў спыняцца на Далговым, а вырашыў зняць скальп і з бацькі, павёўшы 2:1 пасля трох згуляных матчаў. Эдуарду прыйшлося збіраць усю волю ў кулак. Атрымалася, наступныя тры партыі былі за ім. Віталь саступіў 2:4, але беларускі нахок будзе памятаць такі незвычайны сённяшні святочны дзень!
Матч за 3 месца: Мацвей - Віталь. Мацвей быў хутчэй, дакладней і больш пераканаўчы ў сваіх довадах: 3:1.
Фінал: Аляксандр Бартош - Эдуард Куратнік.
Эдуард пачаў ліха, павёўшы ў першых дзвух партыях. Але Аляксандр пераламіў сітуацыю і на працягу наступных чатырох партый выходзіў пераможцам. 4:2.
Віншуем прызёраў!
Нельга сёння абыйсці ўвагай аднаго заўзятара. Ён гэтага заслужыў.
Анюта ціхенька падтрымлівала тату, цярпліва, хвалюючыся за яго. Потым нават папрасіла пагуляць з ёй у хакей, калі тата адлучыўся на пару хвілін. Падрастае змена!...
Сённяшні дзень, хоць і лістападаўскі, але выдаўся па-сапраўднаму зімовым: невялікі марозік разам з добрым снегападам стварыў пачуццё пачатку паўнавартаснай зімы. Падаючы снег на фоне святла вячэрніх ліхтароў, дзеці на саначках... яшчэ бы хруст снегу пад нагамі... Хочацца, каб будучая зіма была менавіта такой, сённяшняй!
P. S. Акрамя нашага свята сёння яшчэ дзень нараджэння аднаго вельмі вялікага беларускага чалавека - Уладзіміра Караткевіча!
Хто яшчэ не пазнаёміўся з яго выдатнымі творамі - пара!
Некалькі цытат нашага класіка:
"Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае накаванне і плюе на "спрадвечны" закон." ("Ладдзя роспачы")
"Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур." ("Дзікае паляванне караля Стаха")
"Мы патрыёты больш за вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі - браты. І ўсе яны падобны адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў... А калі, то іх робяць такія, як вы". ("Каласы пад сярпом тваім").
"Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе,
Хто забыў сваю мову – усё згубіў."
Гуляйце ў настольны хакей, сябры, і хаця б крыху ў дзень трымайце у руках нашу высокадухоўную беларускую літаратуру!