У апошні кастрычніцкі дзень прайшоў 3-ці этап цяперашняга сезона па настольным хакеі. Прайшоў цікава і для некаторых нечакана.
Пра ўсё па парадку.
Удзельнічала 14 гульцоў.
Прыемна, што нарэшце з'явілася магчымасць прыехаць з Віцебска ў Леаніда Лысенкі. Мы не бачыліся паўтара года!

Увесь гэты час у Леаніда не было практыкі.
Хоць па ходзе гульняў першага круга (а ўсяго іх было 2) у гэта немагчыма было паверыць. Лёня заняў па выніку першага круга 5-ае месца!
Ліха прайшоў першы круг Віталь Куратнік, паказаўшы 3-ці вынік.

Мацвей Шыркавец гуляў у першым крузе максімальна непрадказальна: 12 месца.

Групу замыкалі Вадзім Пасылкін і Ганна Сліж.




Другі круг, як заўсёды, для многіх апынуўся не такім выніковым, як першы. Мы ўбачылі рывок Мацвея - ён стаў 6-ым па выніку этапу. Андрэй Акінфін апусціўся з 9-га на 11-ае месца.

Леаніду не хапіла 1 ачка, каб увайсці ў васьмёрку наймацнейшых. Добры спурт зрабіў Міхаіл Чарнабай - з 10-га на 4-ае месца ў групе.

Віталь Куратнік з Уладзімірам Сліжом падзялілі 7-8 месцы з аднолькавымі ачкамі.

Аляксандр Авін стаў 10-ым

Аляксандр Шыркавец - 12-ым

Нядрэнна адыграў Вадзім Крыніцкі - ён стаў 5-ым

Аляксандр Далгоў падняўся на 3-е месца

Лідары засталіся на сваіх прыступках: Аляксандр Бартош - першы

Эдуард Куратнік - другі


Васьмёрка гуляла плэй-оф. Астатнія 5 гульцоў разыгралі медалі Першай лігі ў трохкругавым турніры.

Шкада, што Аляксандр Авін не змог скласці кампанію хлопцам у Першай лізе. Там разабраліся без яго. Прыемна, што Леанід Лысенка павёз з сабой срэбраны медаль! Аляксандр Шыркавец узяў бронзу, а золата ў Андрэя Акінфіна. Вадзім Пасылкин і Ганна Сліж набіраюцца вопыту. У абодвух ужо нядрэнна атрымліваюцца камбінацыі і ўдары, выкананне з часам стане лепш і вынікі не прымусяць сябе чакаць!

Прызёры 1 Лігі:
Чвэрцьфіналы плэй-оф гулялі да трох перамог.
Аляксандр Бартош - Уладзімір Сліж.

У Аляксандра сёння ўсё вельмі добра атрымлівалася - ён заняў лідзіруючае месца ў групе з адрывам у 7 ачкоў ад другога. Ва Уладзіміра Сліжа, які заняў 8-ае, справы ішлі не так добра. Але гэта плэй-оф, тут законы могуць працаваць па-іншаму. Серыя была вельмі нервовай і напружанай. У першым матчы Уладзімір забіў пераможную шайбу за некалькі секунд да канца матчу. У другім Аляксандр быў мацнейшы ў авертайме. У трэцім матчы ўдача ў авертайме была ўжо на баку Уладзіміра. У чацвёртым матчы зноў авертайм - параўноўвае Аляксандр.
У вырашальным пятым матчы Уладзімір быў мацнейшы. Выніковы лік 2-3.
У другім матчы гулялі Міхаіл Чарнабай і Вадзім Крыніцкі.
Міхаіл сёння набраў вельмі добры ход. Вадзім змог забраць у Мішы толькі адну партыю ў авертайме. Выніковы лік - 3:1 на карысць Мішы.
Самай нечаканай аказалася трэцяя пара: Эдуард і Віталь Куратнікі.

Віталю ўдалося адолець бацьку толькі ў адной з партый. 3:1 на карысць Эдуарда.
У чацвёртай пары гулялі Аляксандр Далгоў і Мацвей Шыркавец.

Хлопцы абменьваліся ўколамі, давёўшы лік у серыі да 2:2. У вырашальным матчы Саша павёў 3:0. Але не змог утрымаць перавагу, Мацвей дагнаў і змог забіць пераможную шайбу. Выніковы лік у серыі - 2:3.
Прайграўшыя гулялі свой плэй-оф за 5-8 месцы. На жаль, без Сашы Далгова.
Аляксандр Бартош абыграў Вадзіма Крыніцкага - 4:1. Пераможцу чакаў Віталь Куратнік.
У іх сустрэчы з Віталём Аляксандр таксама быў мацнейшы - 4:0.

У першым паўфінале гулялі Уладзімір Сліж і Міхаіл Чарнабай.

Хлопцы ішлі нараўне. Дайшлі да 3:3 у серыі. Вырашальны сёмы матч вельмі асцярожнічалі. Міхаілу ўдалося на апошняй хвіліне нават не забіць, а закаціць выпадковую шайбу (на мове нахокераў такая шайба завецца "дуркай"), якая вывела яго ўпершыню ў кар'еры ў фінал турніру - 3:4.
Не менш напружана падзеі развіваліся і ў другім паўфінале ў Эдуарда Куратніка і Мацвея Шыркаўца.

Усё па аналогіі з першым паўфіналам: таксама не адпускалі адзін аднаго больш, чым на адзін крок. Дайшлі да вырашальнага матчу, дзе ўдача была на баку Мацвея - 3:4.
У матчы за 3-е месца Уладзімір Сліж гуляў з Эдуардам Куратнікам. Тут Эдуарду зноў не хапала ледзь-ледзь. З мінімальнай перавагай у кожным матчы Уладзімір выйшаў пераможцам у серыі - 3:1.
Фінал: Міхаіл Чарнабай - Мацвей Шыркавец. Пасля першага пераможнага матчу ў паветры запахла сенсацыяй. Але Мацвей - дасведчаны гулец, ён сабраўся і больш не аддаў Мішу ніводнага матчу.

Выніковы лік - 1:4 на карысць Мацвея.

Другі запар залаты медаль сезона ў скарбонцы Мацвея!
Першы срэбраны медаль у кар'еры ў Міхаіла Чарнабая!
Першы медаль сезона ва Уладзіміра Сліжа!
З пачынам, хлопцы!
Так трымаць!

Нечаканыя вынікі і непрадказальнасць - тое, за што мы і любім настольны хакей!
Гуляйце ў яго, сябры!
А наш наступны турнір адбудзецца 28 лістапада!
Тады ж, дарэчы, мы адзначым Дзень Нараджэння Лігі Настольнага Хакея!
Далучайцеся, будзе смачна!


